СКІ́ДЗЕЛЬСКАЯ РАЁННАЯ АНТЫФАШЫСЦКАЯ АРГАНІЗА́ЦЫЯ ў Вялікую Айчынную вайну.
Дзейнічала ў ліст. 1942 — ліп. 1944 у г. Скідзель і раёне Беластоцкай (цяпер у Гродзенскай) вобл. пад кіраўніцтвам скідзельскіх раённых антыфаш. к-та, падп. райкома КП(б)Б (з ліст. 1943) і Беластоцкага абл. антыфаш. к-та, у цесным кантакце са Скідзельскім камсамольска-маладзёжным падполлем і групамі Баранавіцкай акруговай антыфашысцкай арганізацыі. Складалася з падп. груп (каля 90 чал., кіраўнікі М.М.Бедыс, А.Я.Мажэйка, А.Ф.Манкевіч, А.А.Патапаў, У.А.Сыты, С.І.Таранка і інш.). Дзейнасць арг-цыі ўзначальваў к-т (Бедыс, І.С.Быль, Манкевіч). Падпольшчыкі вялі сярод насельніцтва паліт. агітацыю, хавалі і лячылі сав. воінаў, што трапілі ў акружэнне, перапраўлялі іх у партыз. атрады, збіралі і перадавалі партызанам зброю, боепрыпасы, медыкаменты, разведданыя пра перамяшчэнні акупантаў, праводзілі дыверсіі на чыгунцы, парушалі тэлеф.-тэлегр. сувязь праціўніка, удзельнічалі ў аперацыях партызан. У барацьбе супраць фаш. захопнікаў загінула 20 падпольшчыкаў.
Л.В.Аржаева.
т. 14, с. 454
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)